ТАЙМЫ́РСКАЯ (ДАЎГА́НА-НЕ́НЕЦКАЯ) АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА.

Размешчана на Крайняй Поўначы Усх. Сібіры ў Краснаярскім краі Рас. Федэрацыі. Уключае архіпелагі Паўн. Зямля, Нордэншэльда і інш., абмываецца морамі Лапцевых і Карскім. Пл. 862,1 тыс. км². Нас. 44 тыс. чал. (2000), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Дудзінка. На тэр. акругі горад краявога падпарадкавання Нарыльск і падпарадкаваныя Нарыльскай гар. адміністрацыі гарады Талнах і Каеркан. Гл. карту да арт. Краснаярскі край.

Займае п-аў Таймыр, паўн. ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я з плато Путарана (выш. да 1629 м) і размешчаную паміж імі Паўн.-Сібірскую нізіну. На ПдЗ, на левабярэжжы р. Енісей — ч. Зах.-Сібірскай раўніны. Карысныя выкапні: медна-нікелевыя і спадарожныя руды (малібдэн, кобальт, вальфрам), каменны вугаль, прыродны газ, нафта, кухонная соль. Клімат арктычны і субарктычны. Сярэдняя т-ра студз. -32 °C, ліп. 2—13 °C. Ападкаў каля 250 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі: Енісей, Пясіна, Хатанга, Верхняя і Ніжняя Таймыра. Шмат азёр (Таймыр, Лама, Пясіна, Хантайскае) і балот. Пераважаюць тыповыя тундравыя і тарфяна-глеевыя глебы. Арктычная мохава-лішайнікавая і хмызнячковая тундра зменьваецца на Пд лесатундрай з рэдкастойнымі лістоўнічнымі лясамі і хмызнякамі. Путаранскі і Таймырскі запаведнікі.

Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (каменны вугаль, газ) і рыбная (рыбазаводы ў Дудзінцы, Дыксане, Хатанзе). Усць-Хантайская ГЭС. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на аленегадоўлі. Нязначна развіты мяса-малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Пушны промысел і зверагадоўля (блакітны пясец і серабрыста-чорны ліс). Цяплічная гаспадарка. Суднаходства па рэках Енісей (у межах акругі даступна марскім суднам), Хатанга, Паўночным марскім шляху. Гал. парты: Дудзінка, Дыксан, Хатанга. Чыгунка Дудзінка—Нарыльск—Талнах. Аэрапорты: Алыкель (за 40 км на З ад Нарыльска), Дыксан, Хатанга. Газаправод Месаяха—Дудзінка—Нарыльск. Мясц. перавозкі на аленях і сабаках.

Да арт. Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномная акруга. На Таймыры.

т. 15, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)